«Я трачу на партыю грошы са сваёй кішэні» — Сяргей Чэрачэнь

«Я трачу на партыю грошы са сваёй кішэні» — Сяргей Чэрачэнь

Чарговы госьць «Інтэрвію тыдня» — Сяргей Чэ́рачэнь, новы лідэр партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (БСДГ). Ён тлумачыць, як апынуўся сярод праўладных камуністаў і чаму адтуль сышоў, адказвае на пытаньне, «як ён купіў партыю» і чым спадабаўся Станіславу Шушкевічу, і заяўляе, што БСДГ адназначна застанецца апазыцыйнай.

Камуністы мне сказалі: «Ня лезь куды ня трэба»

— Нядаўна АГП на зьезьдзе абрала старшынём Васіля Палякова, але празь некалькі тыдняў ён адмовіўся ад старшынства, бо, як ён напісаў, не ўяўляў маштабу праблемаў. Вось у вас прайшлі першыя тыдні на пасадзе старшыні. Вы сустрэліся зь нечым такім, чаго не чакалі, вас уразіў «маштаб праблемаў»?

— Апошнія паўгода я займаў дастаткова актыўную пазыцыю ў партыі. Праекты, якія яшчэ будуць агучаныя, ужо ляжалі на маіх плячах — і я прыблізна ўяўляў сабе карціну, усю складанасьць сытуацыі, што трэба будзе рабіць і што ня зроблена. Так што я прыблізна разумеў, з чым сутыкнуся, і для мяне гэта ня стала нечаканасьцю.

— Паколькі вы адносна новы чалавек у палітыцы, то ня будзе лішнім папрасіць вас коратка распавесьці сваю палітычную біяграфію.

— У студэнцкія гады ў мяне была свая пазыцыя. Была істотная праблема для іншагародніх студэнтаў, якім даводзілася зь цяжкасьцямі шукаць жыльлё. І тады ў мяне ўзьнікла ідэя па стварэньні моладзевай арганізацыі, мы яе назвалі «Разьвіцьцё». Правялі сход, хацелі зарэгістравацца ў Мін’юсьце, — але так нічога і ня выйшла.

І я зразумеў, што на той момант рана займацца грамадзкімі пытаньнямі, бо няма досьведу, добрых сувязяў, якія могуць дапамагчы. Прайшло 10–12 гадоў, і я паспрабаваў нанава заняцца грамадзкай дзейнасьцю.

— І пайшлі ў праўладную Камуністычную партыю Беларусі.

— Так. Я прааналізаваў усе зарэгістраваныя ў Беларусі палітычныя партыі, параіўся зь сябрамі. І на той момант КПБ падалася мне найбольш пэрспэктыўнай арганізацыяй, дзе можна сябе праявіць, паказаць свае ініцыятывы і прыйсьці да чагосьці добрага.

— У БРСМ вы былі?

— Не. То бок, магчыма, я, як і ўсе, быў там зарэгістраваны, але ніякай актыўнасьці там не праяўляў.

— Дык вось камуністычная партыя. Чаму вы пайшлі адтуль, што вас у камуністах расчаравала?

— У мяне было некалькі прапановаў. Мы кантактавалі і на ўзроўні раённага аддзелу, і рэспубліканскага, і ў выніку мне проста сказалі: «Ня лезь куды ня трэба». Мне такі падыход не спадабаўся. Калі малады чалавек хоча праявіць сваю ініцыятыву…

— То бок пытаньне толькі ў асабістым канфлікце? Калі б камуністы далі вам дарогу, выбралі б у кіраўніцтва — вы б і цяпер былі ў кампартыі?

— А ў чым пытаньне? Калі чалавек хоча займацца разьвіцьцём сваёй краіны, хто б ён ні быў — камуніст, лібэрал, дэмакрат — калі ён спрабуе дапамагчы людзям, трэба яму дапамагаць і ягоныя ініцыятывы ўвасабляць у жыцьцё.

— «Выступаць за разьвіцьцё» — усе гэта разумеюць па-свойму, у залежнасьці ад сваіх ідэйных перакананьняў, ад ідэйнай базы. Яна ў вас ёсьць?

— Калі дапамагаць дзяржаве разьвіваць сваю краіну ў складзе праўладных структураў — то іх цяпер ужо надта шмат. І гэта не дае людзям сябе рэалізаваць. Поўна арганізацый, якія існуюць на паперы і не праводзяць ніякіх дзеяньняў. Яна намінальныя, дзеля галачкі, каб сьцьвярджаць, што ў нас нібыта дэмакратыя. Але для дэмакратыі трэба нешта рабіць, гэта не радок у дакумэнце, гэта непасрэдная магчымасьць рашаць нейкія пытаньні.

Я прапанаваў партыі пэрспэктыву далейшага разьвіцьця, і гэта аднапартыйцам спадабалася

— Калі адбыўся зьезд БСДГ, то ў сацыяльных сетках гучала такая фраза — «Вось прадпрымальнік купіў сабе партыю». Як вы на гэта рэагуеце?

— Калі б хто зьвярнуўся да Станіслава Станіслававіча Шушкевіча з прапановай «купіць партыю» — ён бы атрымаў нямала непрыемных словаў на свой адрас, і на гэтым бы ўсё скончылася. Я прапанаваў партыі пэрспэктыву далейшага разьвіцьця, прапанаваў уліваньне маладога калектыву. І гэта аднапартыйцам спадабалася, яны падтрымалі мае ініцыятывы.

— Чым вы так абаялі Шушкевіча? Чаму ён падтрымаў вашу кандыдатуру?

— Напэўна, пытаньне ў маёй актыўнай пазыцыі. Я адразу прапанаваў, што трэба перабудаваць арганізацыю — у сэнсе: праяўляць ініцыятывы, дабівацца справядлівасьці. У сілу сваіх магчымасьцяў дапамагчы грамадзянам краіны пабачыць іншую Беларусь.

— Якую ролю БСДГ можа граць у сёньняшнім палітычным спэктры? Якім мэтадам вы аддаяце перавагу — больш актыўным, вулічным, ці іншым? З вашым прыходам што-небудзь зьменіцца для партыі ў гэтым сэнсе?

— У маім разуменьні партыя спачатку павінна знайсьці падтрымку ў электарату, набраць сваю вагу, сілу. Дзеля гэта неабходна паказаць працу нашай структуры.

Мы зараз прапрацоўваем зь юрыстамі шэраг пытаньняў, зьвязаных са зьменамі ў заканадаўства. Да канца году мы паспрабуем прапрацаваць некалькі заканадаўчых ініцыятываў і ўнесьці іх у ніжнюю палату парлямэнту.

Партыя адназначна застаецца апазыцыйнай

— Вы прадпрымальнік, дырэктар акцыянэрнага таварыства «Мантаж Тэхніка». Традыцыйна ў беларускай палітыцы, калі нейкіх бізнэсовец дапамагаў апазыцыйным партыям ці выходзіў у партыі на нейкія прыкметныя ролі — то ў яго адразу зьяўляліся праблемы са сваім бізнэсам. Вы ж не самазабойца. Чаму вы думаеце, што вас гэта абміне? Ці вы разьлічваеце, што БСДГ ужо ня будзе пазыцыянаваць сабе як апазыцыйная партыя?

— Не, партыя адназначна застаецца апазыцыйнай. Я ўжо казаў, што праўладных арганізацый дастаткова шмат у краіне, і яшчэ адна нікому не патрэбная. Яна проста бессэнсоўная.

У мяне ёсьць спадзяваньне, што атрымаецца пераламіць гэтую сытуацыю, зрабіць так, каб партыя змагла працаваць і адстойваць інтарэсы народу. Магчыма, будзе складана, ужо ёсьць вельмі складаныя моманты. Але калі б я не разумеў усёй складанасьці сытуацыі, я б у прынцыпе тут не апынуўся. У мяне ёсьць свой канцэпт, сваё разуменьне, і я вельмі спадзяюся рэалізаваць тое, што я задумаў.

— Калі вяртацца да фінансавай тэмы, пра якую вы ня вельмі шмат сказалі, — я задам пытаньне па-іншаму. На дадзены момант вам даводзіцца траціць свае ўласныя грошы на справы партыі? Калі так — гэта ж ня можа доўга працягвацца, вы ж не мільярдэр.

— Так, на сёньня многія выдаткі, якія нясе партыя, — гэта траты з майго асабістага бюджэту. Так, я згодны, што калі выканаць усе мае задумы і пляны — то маіх грошай ня хопіць. Але на сёньня я ўжо правёў шэраг размоваў зь іншымі бізнэсоўцамі. І я бачу, што ў іх ёсьць разуменьне. Я ўпэўнены, што ў нас атрымаецца зрабіць так, каб партыя ня мела патрэбы ў грошах.