Гістарычны экскурс. Рэвалюцыйны рух канца ХІХ – пачатку ХХ ст. не абмінуў Беларусь. Першая палітычная партыя ў Беларусі – Беларуская сацыялістычная Грамада (БСГ) – зарадзілася ў 1902-м і была сфармаваная на І зьезьдзе ў 1903 годзе. Ініцыятарамі яе стварэньня былі браты Луцкевічы Антон ды Іван, Карусь Каганец (Казімір Кастравіцкі), Віктар Залязей, Франьцішак Умястоўскі, Алесь Бурбіс, Вацлаў Іваноўскі ды іншыя прадстаўнікі студэнцкай, вучнёўскай моладзі і разначыннай інтэлігенцыі. Сваёй канцовай мэтай Грамада абвясьціла зьвяржэньне самадзяржаўя і пераход у грамадзкую ўласнасьць зямлі, сродкаў вытворчасьці і камунікацыяў. Найбольш прыдатнай формай забесьпячэньня нацыянальнай свабоды БСГ прызнавала незалежную дэмакратычную рэспубліку. Яна актыўна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы стварэньня і абвешчаньня Беларускай Народнай Рэспублікі, што сталася, бадай, самай значнай падзеяй у гісторыі Беларусі за два апошнія стагодзьдзі.

Пачатак дзейнасьці Грамады стаў магутным штуршком у разьвіцьці грамадзка-палітыч­най сьвядомасьці беларусаў. Аб’яднаньні, якія зьявіліся сьледам (Беларускі сялянскі саюз, Бе­ларускі настаўніцкі саюз ды інш.), у асноўным падтрымлівалі ідэі Грамады. Камітэты Грамады актыўна ствараліся ў Вільні, Менску, Гомлі ды іншых гарадах і мястэчках Беларусі. Гэтаму спрыяла падпольная друкарня, дзе друкаваліся ўлёткі, пракламацыі, брашуры. Пасьля таго, як паліцыя выкрыла і спыніла дзейнасьць друкарні, брашуры друкаваліся ў Лёндане. З 1906 года грамадоўцы распачалі выданьне першай беларускай газэты “Наша доля”, але царская цэнзура забараніла гэтае выданьне і паліцыя сканфіскавала шэсьць выдадзеных нумароў. Тады тыя ж людзі (браты Луцкевічы, А.Уласаў, В.Іваноўскі ды інш.) наладзілі выпуск газэты “Наша ніва” (“… каб усе беларусы, што ня ведаюць, хто яны ёсьць, зразумелі, што яны беларусы і людзі, каб пазналі свае правы…”). Газэта выходзіла да 1915 года і адыграла вялікую ролю ў беларускім адраджэньні.

У кастрычніку 1917 года Грамада налічвала каля 10 тысяч правадзейных сяброў, але ў выніку абвастрэньня палітычнай барацьбы да лета 1918 года распалася на тры партыі: сацыял-дэмакратычную (БСДП), партыю сацыялістаў-рэвалюцыянэраў (БПСР) і партыю сацыялістаў-федэралістаў (БПСФ). Зь іх найбольш значны сьлед у гісторыі пакінула БСДП. Яе дзейнасьць была спыненая ўрадам БССР праз арышт партыйных актывістаў у сакавіку 1921 года. З гэтага моманту цягам 70 год у Беларусі (як і ва ўсім СССР) распачалося самаўладнае праўленьне камуністаў-ленінцаў.

2-3 сакавіка 1991 года ў Менску адбыўся Ўстаноўчы зьезд Беларускай сацыял-дэмакра­тычнай Грамады (БСДГ) – партыі, якая абвясьціла сябе пераемніцай БСГ-БСДП. Першым стар­шынём Цэнтральнай рады БСДГ быў абраны доктар гістарычных навук, прафэсар Міхась Тка­чоў. Пад ягоным, на жаль, непрацяглым кіраўніцтвам (Ткачоў памёр у 1992 г.) Грамада моцна стала на ногі і заявіла пра сябе ў сьвеце на ХІХ кангрэсе Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу.

У 1994 г. адбыліся першыя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Маладыя палітыч­ныя партыі і грамадзкія рухі Беларусі яшчэ не набылі дастаковага досьведу палітычнай бараць­бы і, выступаючы асобнымі сіламі, змаглі пераканаць народ у бесперспектыўнасьці камуні­стычнага рэжыму, але не змаглі стварыць моцнай канкурэнцыі харызматычнаму папулісту “з народа”. І той, прыняўшы ўладу, значную частку сілы гэтай улады патраціў на тое, каб аслабіць і нават раскалоць найбольш магутныя партыі (такія, як БНФ і БСДГ). У 1996 годзе ад БСДГ аддзялілася група пад кіраўніцтвам М.Статкевіча, якая пасьля аб’яднаньня з партыяй народнай згоды (ПНЗ) стала называцца Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй “Народная Грамада” (БСДП “НГ”). А Міністэрства юстыцыі супрацьпраўна пазбавіла БСДГ юрыдычных правоў. Але намаганьнямі вядомых у краіне асоб (В.Быкаў, Г.Бураўкін, Н.Гілевіч, В.Іпатава, А.Мальдзіс, А,Марачкін, А.Трусаў, С.Шушкевіч ды інш.) дзейнасьць БСДГ была адноўлена на ўстаноўчым зьезьдзе 15 лютага 1998 года. Старшынём БСДГ на сучасным яе этапе стаў прафэсар Станіслаў Шушкевіч. Ён быў пераабраны на гэтую пасаду зьездам БСДГ 25 лістапада 2001 года.

3 лістапада 2018 года адбыўся VII з’езд партыі на якім новым старшынёй партыі быў абраны Сяргей Уладзіміравіч Чэрачэнь.


Сваiмi мэтамi БСДГ ставiць :

– стварэнне гуманнага, дэмакратычнага грамадства на аснове шматукладнай эканомiкi i разнастайнасцi партыйных структур;
– прававую i сацыяльную ахову чалавека працы;
сцвярджэнне прынцыпаў свабоды асобы, сацыяльнай справядлiвасцi i салiдарнасцi.

Задачамi БСДГ з’яўляюцца:

— адраджэнне асноў духоўнасцi, усталяванне агульначалавечых каштоўнасцей, нацыянальнае адраджэнне;
– пабудова незалежнай, дэмакратычнай, прававой і сацыяльнай Беларускай дзяржавы — раўнапраўнага члена еўрапейскай i сусветнай супольнасцi;
– мiнiмалiзацыя вынiкаў чарнобыльскай катастрофы, аздараўленне экалагiчнай сiтуацыi ў рэспублiцы.