Зварот Сяргея Чэрачня у сувязі з надыходзячай выбарчай кампаніяй

Зварот Сяргея Чэрачня у сувязі з надыходзячай выбарчай кампаніяй

Сяргей Чэрачэнь зрабіў адкрыты зварот да Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, у сувязі з надыходзячай выбарчай кампаніяй. У ім, ён патрабуе “Прыняць неадкладныя меры па нейтралізацыі пагрозы ад каронавіруса пад час выбарчага працэсу”.

 

Тэкст Звароту:

 

Ад прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах 2020-га года

Сяргея Чэрачня.

У Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь

па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.

 

Зварот

 

Згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у бягучым годзе ў нашай краіне мусяць адбыцца прэзідэнцкія выбары не пазней 30-га жніўня. Адразу пасля афіцыйнага аб’яўлення даты выбараў распачнецца выбарчая кампанія. І гэта мусіць адбыцца ўжо хутка.

У сувязі з гэтым, як адзін з прэтэндэнтаў у кандыдаты на сама высокую пасаду ў нашай краіне, адчуваючы персанальную адказнасць і праяўляючы клопат за здароўе і жыццё грамадзян Беларусі, мушу звярнуць увагу Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў на тыя неспрыяльныя, і нават небяспечныя для здароўя і жыцця нашых выбаршчыкаў варункі, у якіх можа праходзіць выбарчы працэс.

Гэта увага звяртаецца з адзінай мэтай, для таго, каб былі прынятыя ўсе неабходныя меры, каб гэтыя неспрыяльныя і небяспечныя варункі нейтралізаваць.

На вялікі жаль, зараз над чалавецтвам увогуле, і над жыхарамі Беларусі ў прыватнасці, навісла пагроза, звязаная з хуткім распаўсюдам новага каронавіруса, ад якога ужо ў свеце загінула многа людзей. І гэты працэс працягваецца. Міжнародная арганізацыя аховы здароўя вымушаная была абвесціць гэты імклівы распаўсюд віруса пандэміяй. Медыкі ўсяго свету вымушаныя канстатаваць той факт, што пік распаўсюджу новага каронавіруса яшчэ не пройдзены.

Ва ўсіх краінах, куды пранік гэты вірус прымаюцца беспрэцэдэнтныя меры па блакіроўцы яго рапаўсюду. І толькі кіраўніцтва нашай краіны абмяжоўваецца касметычнымі мерамі, якія нават нашы суседзі лічаць недастатковымі.

Вось у такіх умовах, калі сённяшняе кіраўніцтва не прыняло і блізка мераў, аналагічных з мерамі, прынятымі ў іншых краінах, будуць праходзіць прэзідэнцкія выбары. Сама выбарчая кампанія прадугледжвае мноства публічных сустрэч як у адкрытых, так і ў закрытых прасторах, дзе будуць збірацца адначасна многа людзей. Збор подпісаў ініцыятыўнымі групамі прадугледжвае як арганізацыю пікетаў па збору подпісаў у публічных месцах, так і наведванне прыватных кватэр. Акрамя ўсяго іншага, і само галасаванне прадугледжвае масавы прыход насельніцтва ў закрытыя памяшканні.

У сувязі з гэтым лічу, што Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў ужо зараз мусіць прыняць неадкладныя меры па нейтралізацыі пагрозы ад новага каронавіруса для здароўя і жыцця нашых грамадзян пад час выбарчага працэсу.

Сярод неадкладных мер могуць быць такія, як поўнае забяспячэнне ўсіх сяброў ініцыятыўных груп медыцынскімі маскамі і медычнымі прэпаратамі для гігіены ў неабходнай колькасці. Апрацоўка і дэзінфекцыя памяшканняў і тэрыторый, дзе будуць праходзіць сустрэчы. Абавязковая прысутнасць медычных службаў на выбарчых мерапрыемствах.

Выпуск друкаваных матэрыялаў для выбаршчыкаў, якія падрабязна растлумачаць як трэба сябе паводзіць у гэтай сітуацыі. Забяспячэнне ўсіх грамадзян ўсімі неабходнымі медычнымі прэпаратамі. Такіх мер павінна быць прынята значна больш чым тут пералічана. Яны мусяць быць распрацаваныя у шырокім коле спецыялістаў. І для гэтага Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў неадкладна мусіць ініцыяваць гэты працэс, каб распрацаваць план абароны выбаршчыкаў ад новага каронавіруса на маючай адбыцца прэзідэнцкай кампаніі.

Улада, і Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў абавязаныя зрабіць усё, каб удзел у выбарчай кампаніі ў Рэспубліцы Беларусь быў абсалютна бяспечны для яе ўдзельнікаў. Для гэтага трэба прымаць неадкладныя меры ўжо зараз.

У выпадку крытычнай сітуацыі, разглядзець варынт пераноса выбараў, на перыяд пасля стабілізацыі сітуацыі з каронавірусам ў краіне. У адваротным выпадку не толькі на ўладзе, але і на сябрах камісіі будзе ляжаць персанальная адказнасць за здароўе і жыццё выбаршчыкаў.