Сяргей Чэрачэнь: Выйсце з палітычнага  крызісу толькі ў дыялогу

Сяргей Чэрачэнь: Выйсце з палітычнага крызісу толькі ў дыялогу

Выйсце з палітычнага крызісу, старшыня Партыі “Грамада” – Сяргей Чэрачэнь бачыць толькі ў дыялогу

Сваім меркаваннем ён падзяліўся ў інтэрвью Euroradio.pl:

“У любым выпадку без дыялогу зараз нічога не атрымаецца. Мы не так даўно звярталіся ў Палату прадстаўнікоў з нагоды адкрытай дыскусіі пра новую Канстытуцыю ды ўвогуле па эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне. На той момант мы атрымалі адмову ў дыялогу. Калі мы спрабуем з усімі міністэрствамі на розных узроўнях правесці дыялог, то яны цяпер цалкам закрыліся. Яны і раней былі даволі закрытыя, але цяпер цалкам адасобіліся ад грамадства, ад людзей. Цяпер знаходзяцца ў пэўнай зачыненай прасторы і выконваюць толькі тыя загады, якія прыходзяць зверху. У межах таго, як можна выйсці з гэтага крызісу, трэба, вядома, фармаваць глабальнае рэспубліканскае абмеркаванне. Праз тое, што цяпер няма дыялогу, сітуацыя нагнятаецца. Калі адны не чуюць другіх, то гэта, як правіла, падагравае той пратэст, які не сыходзіць ужо два месяцы. На жаль, я цяпер не бачу з боку ўлады хоць нейкага жадання пачаць дыялог”

Сяргей Чэрачэнь перафарматаваў працу свайго выбарчага актыву:

“Цяпер ідзе актыўная праца па фармаванні бізнес-асацыяцыі — мы працуем са шматлікімі бізнесменамі, у нас ідзе распрацоўка гэтай структуры. Гэта — не партыя структура, гэта — мая каманда, якая прыходзіла са мной у палітыку. Вельмі шмат людзей на фоне эканамічнага і палітычнага крызісаў гатовыя сваімі актыўнымі дзеяннямі дапамагчы развіццю краіны ў будучыні. Цяпер у нас вельмі рэзкае піке, але ўсё роўна давядзецца падымацца з каленяў”.

Чэрачэнь адсправаздачыўся, што схадзіў на чатыры нядзельныя маршы. Ён прызнаўся, што пачаў наведваць іх у масцы, але не толькі праз эпідэміялагічную сітуацыю:

“Мы прымаем удзел. Амаль на кожны марш па выхадных ходзяць мае прыхільнікі. Я сам хаджу перыядычна, бо некалькі разоў атрымліваў папярэджанне, што могуць інкрымінаваць арганізацыю несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. Атрымлівалася спантанная гутарка з людзьмі — яны збіраліся вакол мяне, што прыцягнула ўвагу людзей у цывільным. Пасля гэтага не перастаў хадзіць, але змянілі фармат — іду ў кампаніі і ў масцы, каб не было такого збірання людзей вакол мяне”.