Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі адказала пра анклавы на мапе выбарчых акругоў

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі адказала пра анклавы на мапе выбарчых акругоў

Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» заявіла, што ў Менскім раёне выбарчыя акругі сфармаваныя з парушэньнем. Намесьнік старшыні менскай гарадзкой арганізацыі БСДГ Мікіта Краснакуцкі зьвярнуўся ў Цэтральную выбарчую камісію з просьбай пачаць праверку.

Скаргі тычацца таго, што Кастрычніцкая і Партызанская акругі ў Менску, а таксама Жодзінская і Лагойская выбарчыя акругі на афіцыйнай кадастравай мапе маюць межы, якія закон забараняе.

Кастрычніцкая мае два «астраўкі»-анклявы ў Жодзінскай (пасёлак Сокал і тэрыторыя аэрапорту «Менск»), а Лагойская мае анкляў у Партызанскай (поле для гольфу пад Калодзішчамі).

А артыкул 15 Выбарчага кодэксу Беларусі апісвае выбарчую акругу як «адзіную тэрыторыю», утварэньне якой «не дапускаецца з тэрыторыяў, якія ня маюць межаў між сабой».

На думку Краснакуцкага, гэта можа выклікаць блытаніну ў насельніцтва з акругаў і стварыць дадатковыя цяжкасьці для кандыдатаў у правядзеньні агітацыі і зборы подпісаў.

Шэраг анкляваў пад Менскам быў і на мінулых выбарах у Палату прадстаўнікоў, і на самых першых.

Ярмошына: няма ні памылкі, ні злога намеру

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына пацьвердзіла Свабодзе, што скарга Краснакуцкага сёньня зафіксаваная ў камісіі. І яе разборам будуць займацца супрацоўнікі Цэнтарвыбаркаму.

Але Ярмошына адзначае, што праблема гэта ня новая:

«Сапраўды, можна казаць, пра „астраўкі“-анклявы. Але гэта той выпадак, калі нічога зрабіць нельга. Яны аднесеныя да гарадзкіх тэрыторыяў. І так было заўжды. Існуюць адпаведныя ўказы прэзыдэнта аб гэтых тэрыторыях. Адбылося зьмяненьне адміністратыўна-тэрытарыяльнага дзяленьня».

Старшыня ЦВК дадала, што Краснакуцкі сваёй скаргай хоча паказаць на прыкладзе поля для гольфу пад Калодзішчамі, што паміж дзьвюма часткамі адной і той жа акругі існуе разрыў.

«Рэальна гэта так. Але што рабіць?! Гэта не адзіны выпадак, — тлумачыць Ярмошына. — Возьмем Віцебскую вобласьць. Там пасёлак Руба аднесены да Віцебска, хоць ён знаходзіцца за горадам. Тут няма ні памылкі, ні нейкага злога намеру. Так адбываецца з-за зьменаў адміністратыўна-тэрытарыяльнага дзяленьня».