Станіслаў Шушкевіч: «Зычу Беларусі разумных кіраўнікоў»

Станіслаў Шушкевіч: «Зычу Беларусі разумных кіраўнікоў»

Станіслаў Шушкевіч: «Зычу Беларусі разумных кіраўнікоў»

Што пажадаць Беларусі ў 2021 годзе? Радыё Свабода адказаў прафэсар, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, Ганаровы старшыня Партыі “Грамада” Станіслаў Шушкевіч.

Ён цяпер знаходзіцца на самаізаляцыі, часова жыве адзін. Бо сын, які адседзеў 10 дзён у Жодзіне, захварэў там на каранавірус, а яго сустракала з турмы маці. Таму жонка Станіслава Шушкевіча Ірына і Станіслаў-малодшы жывуць цяпер у кватэры сына.

Спадар Шушкевіч прызнаецца, што даўно марыць пра час, калі краінай будуць кіраваць высокаадукаваныя людзі.

«Я б пажадаў Беларусі, каб ёй перасталі кіраваць сілавікі, а кіравалі мэнэджары, спэцыялісты ў эканоміцы, у паліталёгіі. А ня невукі, якія ведаюць толькі адно: «Я начальнік, ты дурань». Дык вось, я зычу Беларусі разумных кіраўнікоў».

На думку Шушкевіча, дасьведчаных, высокаадукаваных людзей у Беларусі дастаткова.

«Але, як трапна напісаў некалі ў сваёй кнізе Васіль Шлындзікаў, «лейтэнанцікі, якія дзякуючы гэтай шалёнай уладзе сталі генэраламі, таксама неадукаваныя, як і мноства начальнікаў пад кіраўніцтвам адзінага». А ён не прызнае ніякай навукі, таму што невук і троечнік.

А Беларусі патрэбны высокакваліфікаваныя кіраўнікі. Яны ёсьць у Беларусі, але іх б’юць, топчуць, саджаюць, таму што яны перашкаджаюць панаваць уладзе, якая ня ўмее кіраваць.

Бабарыку, у якога была ясная канцэпцыя, што трэба рабіць зь Беларусьсю, зрабілі злачынцам; Цапкала таксама адукаваны таленавіты чалавек. Канкурэнты былі цудоўныя, дык іх, як і на папярэдніх выбарах, зьнішчылі (раней зьнішчалі фізычна, цяпер пасадзілі ці выгналі з краіны).

У мяне аптымізм ёсьць: я хачу, каб дзеці і ўнукі мае жылі ў сапраўднай Беларусі, не запэцканай хамствам і хлусьнёй», – кажа Станіслаў Шушкевіч.