БСДГ застанецца апазіцыйнаю партыяй – Сяргей Чэрачэнь

БСДГ застанецца апазіцыйнаю партыяй – Сяргей Чэрачэнь

Новы старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сяргей Чэрачэнь, які змяніў на пасадзе Станіслава Шушкевіча, – цёмная кабылка на палітычнай арэне Беларусі. Вядоўца праграмы «Размова дня» Святлана Калінкіна знаёміць гледачоў з асобаю новага лідара сацыял-дэмакратаў.

Нарадзіўся ў Крычаве, скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, займаецца бізнесам. Гэта бадай усё, што вядома пра новага старшыню БСДГ. Яшчэ адзін штрых да партрэту – удзел у камуністычнай партыі.

«Пры станаўленні асобы, калі пачынаеш разумець, што адбываецца вакол, хочаш вызначыцца, у тым ліку і ў палітычным полі. Я павярхоўна паспрабаваў вывучыць партыі, якія існуюць у Беларусі. Мне на той момант падалася перспектыўнаю партыя камуністаў. Я звярнуўся да іх, выставіў сваю кандыдатуру на ўступленне ў сябры партыі, мяне прынялі. І на гэтым гэтым перспектыва далейшага росту, самаразвіцця і нейкіх поспехаў у палітычным полі скончылася», – распавёў спадар Чэрачэнь.

Што датычыць палітычнага курсу БСДГ, то, паводле Сяргея Чэрачэня, ён не зменіцца: «БСДГ застаецца апазіцыйнаю партыяй».

Новы кіраўнік палітычнага аб’яднання абяцае, што ў хуткім часе будзе прэзентаваны план дзеянняў партыі. Што збіраюцца рабіць сацыял-дэмакраты: жорстка крытыкаваць улады ці «укручваць лямпачкі ў пад’ездах»?

Ці будзе Сяргей Чэрачэнь браць удзел у выбарах? Падрабязнасці ў праграме «Размова дня» са Святланаю Калінкінай і новым старшынём Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сяргеем Чэрачэнем.