Уступ

Мэта сусветнай сацыял-дэмакратыі — пабудова вольнага, дэмакратычнага, сапідарнага грамадства, у якім ёсць усе ўмовы для развіцця высокадухоўнага, рознабаковага чалавека. Сацыял-дэмакратыя — гэта адна з асноўных ідэалогій любой прававой, дэмакратычнай і вольнай дзяржавы. Яна забяспечвае сацыяльныя гарантыі для кожнага грамадзяніна гэтай дзяржавы.
Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» (БСДГ) ажыццяўляе дактрыну сучаснай сацыял-дэмакратыі на Беларусі. Яна адстойвае правы і свабоды чалавека, абараняе iнтарэсы працоўнага чалавека, стаіць на пазіцыі негвалтоўнага вырашэння грамадскіх праблем, адраджэння нацыянальнай свядомасці, змагаецца за незалежнасць Беларускай дзяржавы.
Духоўные карані беларускай сацыял-дэмакратыі – хрысціянства, гуманістычная філасофія, эпоха Асветы, вопыт рабочага руху, а таксама багатыя традыцыі беларускага нацыянальна-вызваленчага і дэмакратычнага руху. Мы прызнаем выключную каштоўнасць ідэйнай спадчыны Эдуарда Бернштэйна, Карла Рэннера і Отто Бауэра – выдатных класікаў еўрапейскай сацыял-дэмакратыі.
Партыя «Беларуская Cацыял-дэмакратычная Грамада» (БСДГ) з’яўляецца носьбітам сацыял-дэмакратычных традыцый на Беларусі, якія бяруць пачатак ад Беларускай рэвалюцыйнай Грамады, якая была створанана ў 1902 годзе (з 1903 г. Беларуская Сацыялістычная Грамада), Беларускай Сацыял- дэмакратычнай Работніцкай Групы (1914) і Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі (1918).
На ўстаноўчым з’ездзе ў 1991 годзе была створана Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (БСДГ), якая працягнула працу сваіх папярэдніц. На другім з’ездзе БСДГ ў 1993 годзе партыя прыняла левацэнтрысцкую платформу і зацвердзіла сваю праграму. Партыя паставіла мэтай стварэнне справядлівага грамадства, незалежнавсць Беларусі і шматукладнасць яе эканомікі.
У 1996 годзе у БСДГ адбыўся раскол. Левае крыло аб’ядналася з прадыктатарскай Партыяй Народнай Згоды.
Тая частка Грамады, што засталася адданай традыцыям беларускай сацыял-дэмакратыі і не пайшла па шляху здрады у верасні 1997 года аднавіла БСДГ.

Мэты БСДГ

БСДГ змагаецца за адбудову незалежнай, дэмакратычнай і прававой дзяржавы Беларусь.
БСДГ імкнецца да стварэння гуманнага вольнага грамадства на трывалым падмурку сацыяльнай дэмакратыі.
Сацыяльная дэмакратыя прадугледжвае напаўненне дэмакратычным зместам усіх без выключэння сфер грамадскага і асабістага жыцця. Сацыяльная дэмакратыя немагчыма без палітычнай дэмакратыі, г.з. існавання прававой дзяржавы, дзе захоўваюцца правы і свободы, абвешчаныя ва Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. а таксама эканамічнай дэмакратыі, якая прадугледжвае дэмакратызацыю усяго гаспадарчага механізма, стварэнне дзяржавы усеагульнага дабрабыту, фарміраванне сацыяльнага партнерства.
БСДГ — за нацыянальнае адраджэнне і духоўнае станаўленне асобы.
Асноўныя каштоўнасці

1. Асноўнымі каштоўнасцямі беларускай сацыял-дэмакратыі з’яўляюцца свабода, справядлівасць і салідарнасць. Яны з’яўляюцца нашымі крытэрыямі. пры ацэнцы палітычнай рэчаіснасці, маштабам новага больш сучаснага грамадскага ладу і адначасова арыентырам у дзейнасці кожнага асобнага сацыял-дэмакрата. Сабода ў нашым разуменні – гэта падмурак годнасці кожнага чалавека, які забяспечвае прынцып самавыражэння асобы. Справядлівасць грунтуецца на аднолькавай павазе да годнасці кожнага чалавека. Яна патрабуе аднолькавай свабоды, роўнасці перад законам, роўных магчымасцей у палітычным і сацыяльным жыцці, а таксама сацыяльнай абароненасці. Салідарнасць — гэта ўзаемадзеянне ўсіх людзей дзеля дасягнення свабоды і справядлівасці. Грамадзянская cупольнасць павінна выступаць у падтрымку кожнага чалавека грамадства — яно нясе адказнасць за яго.
2. Нацыянальная ідэя — галоўнейшы з усіх чалавечых набыткаў у сферы грамадскага жыцця. Дэмакратычнае грамадства — гэта тая мэта да якой павінен прыйсці наш народ, і галоўным механізмам для дасягнення яе з’яўляецца менавіта нацыянальнапя ідэя.
3. БСДГ за абсалютную каштоўнасць жыцця, свабоду, самабытнасць кожнага чалавека і кожнай нацыянальнасцi, што ёсць на Беларусi.
4. Станаўленне грамадства сацыяльнай дэмакратыі немагчыма без маральнага ўдасканалення асобы на традыцыях хрысціянскай маралі, якая прывядзе да ўдасканаленню ўсяго грамадства.
5. Канцэпцыя дзяржаўнасцi Беларусi павiнна грунтавацца на паяднаннi нацыянальнага і дзяржаўнага элементаў. Дзяржаўная палiтыка павінна зыходзiць з прыярытэту нацыянальных iнтарэсаў беларусаў. Сапраўднае нацыянальнае адраджэнне iншых этнiчных груп немагчымае без адраджэння беларускага этнасу.
6. Асноўныя каштоўнасці сацыяльнай дэмакратыі шчыльна звязаныя з экалагічнымі каштоўнасцямі. Мы прытрымліваемся навукова абгрунтаваных экалагіных нормаў і ўдакладняем іх у залежнасці ад ступені развіцця навукі.
7. Мы выступаем за сацыяльную рынкавую эканоміку. Наш ідэал шматукладная рынкавая, сацыяльная і экалагічная эканомміка.

ЗАДАЧЫ ПАРТЫI

Першасныя задачы.

1. У 1996 годзе адбыўся дзяржаўны пераварот у выніку якога ў Рэспубліцы Беларусь усталяваўся аўтарытарны рэжым. У гэтай сувязі першаснай задачай БСДГ з’яўляецца праца па аднаўленню дзеяння Канстытуцыі 1994 года — Асноўнага Закона для пабудавы прававой незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь.
2. Тэрмінова ліквідаваць неабмежаванаю ўладу прэзідэнта. Мы выступаем за абмежаванне функцый прэзідэнта, як гэта мае месца ў перадавых краінах свету.
3. Працэс прыватызацыі і перабудовы эканомікі быў спынены у 1994 годзе. Неабходна аднавіць усе дэмакратычныя працэсы і эканамічныя пераўтварэнні ў краіне.
4. Неадкладна ліквідаваць манаполію дзяржавы на сродкі масавай інфармацыі. Свабода слова — аснова любой дэмакратыі.
5. Трэба вярнуць народу яго нацыянальную сімволіку: бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» ў якасці дзяржаўных сімвалаў.
6. Неабходна надаць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай мовы, як гэта было згодна Закону аб мовах 1990 года.

Наша разуменне чалавека і дзяржавы.

І. Правы чалавека

1. Правы чалавека найвышэйшы набытак цывілізаванага грамадства.
2. Дзяржава і эканоміка існуюць для людзей, а не наадварот.
3. У грамадстве павінны паважацца правы кожнага чалавека, дапускацца плюралізм думак. Кожны чалавек мае права на дастатковае харчаванне, жыллё, працу і адукацыю.

II. Свабода, салідарнасць, роўнасць

1. Кожны чалавек вольны ў вызначэнні свайго лёсу, ён сам выбірае сабе жыццёвы шлях.
2. Свабода дадзена чалавеку ад Бога і таму ні грамадства, ні дзяржаўны лад, ні якія небудзь ідэалагічныя догмы грамадства не могуць пазбавіць чалавека свабоды.
3. Кожны чалавек мае права свабодна развіваць сваю асобу і ўдзельнічаць у палітычным, эканамічным і культурным жыцці так як ён выбярэ.
4. Прызнанне разнастайнасці інтарэсаў шматлікіх грамадскіх груп ёсць адзнака дэмакратычнага грамадства. Кожная меншасць, кожная група мае права ствараць свае арганізацыі.
5. Свабода арганізацый і палітычных партый немагчыма без прызнання свабоды друку, сходаў, мітынгаў, шэсцяў і дэманстрацый. У заканадаўстве павінен быць замацаваны прынцып рэгістрацыі такіх акцый, а не дазволу на іх правядзенне.
6. Кожны мае права на атрыманне і распаўсюджанне інфармацыі. Дзяржава не можа перашкаджаць свабоднаму абмену інфармацыяй.
7. Мы супраць ідэалагічнай і любой іншай цэнзуры масавай інфармацыі. Аднак дзяржава і грамадскасць зацікаўлены ў тым, каб друк, радыё і тэлебачанне не прапаведавалі гвалт, парнаграфію, нацыянальную, сацыяльную і рэлігійную варожасць.
8. Cправядлівасць грунтуецца на аднолькавай павазе годнасці кожнага чалавека. Прынцып справядлівасці патрабуе аднолькавай свабоды, роўнасці перад законам, роўных магчымасцей у палітычным і сацыяльным жыцці.
9. Салідарнасць — гэта гатоўнасць падтрымкі кожнага чалавека адзін аднаго, узаемадапамога людзей. Спагада, спачуванне, узаемапавага — аснова салідарнасці. Салідарнасць дае тое, чаго не магчыма дасягнуць прымусам. Гэта падмурак агульнага дабрабыту і дабрабыту кожнага з нас.
10. Усе людзі роўныя перад законам і дзяржавай. Не можа быць перавагі асобных людзей, ці груп людзей перад іншымі людзьмі ці групамі людзей паводле любых іх інтарэсаў.

ІІІ. Дзяржаўны лад

Беларусь павінна быць незалежнай, нацыянальнай, нейтральнай і дэмакратычнай дзяржавай.
БСДГ стаіць за:
1. Прававую дзяржаву, дзе закон для ўсіх ўяўляе найвышэйшую каштоўнасць. Мы падпарадкоўваемся закону нават тады, калі ён намі не прымаецца. Каб дабіцца змянення закона, мы змагаемся за большасць у парламенце.
2. Прынцып падзелу дзяржаўнай улады на законадаўчую, выканаўчую і судовую.
3. Сацыяльную дзяржаву. Дзяржава нясе адказнасць перад грамадствам і служыць інтарэсам чалавека і грамадства. Дзяржава для чалавека, а не чалавек для дзяржавы.
4. Народаўладдзе. Адзінай крыніцай улады з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу шляхам свабодных выбараў.
5. Дэмакратычныя выбары.
6. За самакіраванне адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак. БСДГ стаіць на пазіцыях палажэнняў Еўрапейскай хартыі самакіравання.
7. Дэмакратычную дзяржаву. Роўныя правы і абавязкі ўсіх грамадзян. Дзяржава павінна гарантаваць правы на свабоду, на ўдзел грамадзян у кіраванні. Аднаку гэта не азначае, што выключна ўсе праблемы павінны ўскладвацца на грамадства, бо гэта вядзе да карупцыі і бюракратызму.
8. Дзяржаву арыентаваную на нацыянальныя беларускія інтарэсы. Нацыянальная палітыка павінна быць стрыжнем усёй унутранай палітыкі Беларусі.

ІV. Сацыяльная абарона

1. БСДГ вызначае сацыяльную справядлiвасць як роўныя для ўсiх магчымасцi рэалiзоўваць уласны творчы патэнцыял у працы, а таксама як iснаванне сiстэмы надзейнае сацыяльнае абароны непрацаздольных групаў грамадзянаў.
2. Сацыяльная палітыка павінна грунтавацца на салідарнасці як адной з найгалоўнейшых каштоўнасцей. Сапраўдная сацыяльная палітыка заўсёды накіравана на сацыяльную абарону грамадзян. Яна павінна стварыць умовы жыцця дастойныя чалавека. Абарона здароўя, гуманізацыя працы, барацьба з беспрацоўем, справядлівае размеркаванне прыбыткаў — цэнгтральная задача сацыяльнай палітыкі.
3. Сацыяльную абарону насельнiцтва трэба пачынаць з распрацоўкi Кодэкса законаў аб сацыяльнай абароне, аналагiчна Кодэксу законаў аб працы, адукацыi, адмiнiстратыўнай адказнасцi i г.д.
4. Асноўная задача сацыяльнай дзяржавы — гарантаванае законам права на сацыяльныя паслугі і прававы статус бюджэтных работнікаў.
5. Сацыяльныя прывілеі старым, інвалідам і страціўшым працаздольнасць. Місія дзяржавы — абараняць слабых і непрацаздольных.
6. Пераход да рынкавых зносін павінен суправаджацца дасканалай сістэмай сацыяльнай абароны. Трэба стварыць надзейную дзяржаўную сістэму перакваліфікацыі і працаўладкавання рабочых і служачых, што згубілі працу.
7. Сацыяльнае забеспячэнне павінна ахопліваць жыццёвыя патрэбы ў старасці, пры інваліднасці і беспрацоўі. Неабходна пашыраць сістэму медыцынскіх аб’ектаў для рэабілітацыі інвалідаў, стварэння школ і прадпрыемстваў для дзяцей-інвалідаў і іншых непрацаздольных груп насельніцтва.

V. Міжнародныя адносіны. Войска

1. Знешняя палітыка Беларусі перш за ўсё павінна быць скіраванай на падтрымку імкненняў свайго народа, на абарону яго нацыянальных інтарэсаў.
2. У галіне міжнароднага супрацоўніцтва Беларусь прытрымліваецца наступных прынцыпаў:
— неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў;
— вырашэння міжнародных канфліктаў выключна мірнымі сродкамі.
3. БСДГ — за нейтральную беларускую дзяржаву. Аднак Беларусь павінна мець войска здольнае бараніць краіну.
4. Граніцы Беларусі недатыкальныя. Мы стаім на тым, што Беларусь не выказвае тэрытарыяльных прэтэнзій да суседніх дзяржаў. Мы падтрымліваем Хельсінскія пагадненні аб незмяненні пасляваенных межаў у Еўропе.
5. Мы за ўмацаванне сувязей з асяродкамі беларусаў за мяжой і абарону правоў беларускай дыяспары ва ўсім свеце.
6. Беларусь — заснавальніца і сябра Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, удзельніца Нарады па Бяспецы і Супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ), імкнецца да ўступлення ў Еўрапейскі Саюз.
7. БСДГ за ўмацаванне Балтыйска-Чорнаморскай садружнасці дзяржаў (БЧС).
8. Адна з галоўных перадумоў выхаду Беларусі з крызісу — змяншэнне палітычнай і эканамічнай залежнасці ад Расіі. Мы за развіццё двухбаковых сувязей з Расіяй і няўхільнае павялічэнне эканамічных стасункаў з заходнімі суседзямі Беларусі. Неабходна ліквідаваць вялізны дысбаланс у гандлі Беларусі з Расіяй у параўнанні з гандлем з іншымі дзяржавамі (у першую чаргу з Германіяй, Аўстрыяй, Італіяй, ЗША).
9. Мы падтрымліваем усе міратворчыя арганізацыі і ініцыятывы, накіраваныя на дасягненне і ўмацаванне ўсеагульнага міру і бяспекі.
10. Беларусь нясе адказнасць за стварэнне экалагічнай небяспекі суседнімі краінамі. Аднак і яны нясуць адказнасць за экалагічную шкоду прынесеную Беларусі. У першую чаргу гэта тычыцца Чарнобыльскага пытання. Да гэтага часу не вырашана пытаннне аб кампенсацыі Беларусі шкоды прынесенай Чарнобыльскай трагедыяй.
11. БСДГ за стварэнне нацыянальнай беларускай армii на прафесiйнай (кантрактнай) аснове. Нацыянальная армiя — гарант дзяржаўнае незалежнасцi Беларусi.
12. БCДГ за заканадаўчае замацаванне гарантыi неўмяшання армii ў барацьбу розных палiтычных сiлаў.

Эканоміка

І. Асноўныя прынцыпы

1. БСДГ выступае за сацыяльную шматукладную эканоміку. Сацыялістычны прынцып цэнтралізаванага кіравання гаспадаркай павінен саступіць месца кіраванню эканамічнымі працэсамі на аснове рынку. Свабодная канкурэнцыя паміж вытворцамі — аснова прагрэсу, дабрабыту ў дзяржаве і сям’і. Аднак, іх нічым не кантраляваная канкурэнцыя можа прывесці да негатыўных вынікаў: вынішчэнню прыродных рэсурсаў, экалагічнай катастрофе, несправядліваму размеркаванню даходаў, жабрацтву маламаёмасных людзей. таму разам з канкурэнцыяй павінна існаваць дзяржаўнае рэгуляванне эканамічнымі працэсамі і сістэма мер сацыяльнай абароны.
Змешаная эканоміка у якой арганічна спалучаецца механізм канкурэнцыі і дзяржаўнага рэгулявання — найбольш высокавытворчая ў цяперашні час. Яна прынцыпова пераўзыходзіць усе існуючыя сістэмы эканамічнага гаспадарання. Такім шляхам ідзе ўся Заходняя Еўропа і іншыя перадавыя краіны Свету.
2. Дэмакратычная эканоміка. Антыдэмакратычная практыка ў сферы эканомікі, адсутнасць права грамадзян на валоданне ўласнасцю, заўсёды з’яўлялася той глебай на якой прарастаюць дыктатарскія рэжымы. Існаванне дэмакратычнага беларускага грамадства будзе моцным толькі пры ўмове скасавання эканамічнай улады дзяржавы над грамадзянамі. Урад павінен сам і заўсёды выступаць супраць дзяржаўнай уласнасці. Даступнасць набыцця ўласнасці павінна стаць канстытуцыйна замацаванай прывілегіяй кожнага грамадзяніна. Рыначная эканоміка магчыма толькі тады, калі ўрад адмовіцца ад сваёй кіруючай ролі.
3. Палітыка падтрымкі камнкурэнцыі з боку дзяржавы. Заахвочванне малых і сярэдніх прадпрыемстваў з мэтай палягчэння ўваходу ў рынкавыя зносіны. Збалансаваная структура малых, сярэдніх і буйных прадпрыемстваў — аснова сацыяльнай рынкавай гаспадаркі.
4. Эканамічнае заканадаўства. Рэформы ў галінах эканамічнага заканадаўства павінны ўключаць у сябе наступныя мерапрыемствы:
— перабудова дзяржаўнай інфармацыйна-аналітычнай службы;
— стварэнне магутнай сістэмы падаткавай інспекцйыі;
— арганізацыя антыманапольнага надзору;
— галоснасць у эканоміцы. Перыядычная інфармацыя ў друку аб новых камерцыйных структурах, фірмах-банкрутах і іншых звестак аб усіх арганізацыях, незалежна ад формы ўласнасці. Павінен уладарыць прынцып: сумленннасць — лепшая палітыка.
5. Структурная палітыка. Правядзенне рыначных рэформ павінна задавальняць патрабаванню комплекснасці і падмацоўваецца мерапрыемствамі структурнай палітыкі. Патрабаванне компелекснасці адлюстроўвае той факт, што паўнацэнны рыначны механізм ахаплівае не толькі сферу абмену і рэалізацыі спажывецкіх тавараў і паслуг, але і фактараў вытворчасці, валютных і фінансава-крэдытных рэсурсаў.
Структурная палітыка павінна будавацца з улікам наступных фактараў:
— адносна невялікіх памераў рэспублікі;
— выгаднага геапалітычнага ствановішча;
— структурнага дысбаланса ў сектарнагаліновым аспекце (заняпад сельскай гаспадаркі, няразвітасць сферы паслуг);
— наяўнасць высокага навуковага і тэхнічнага патэнцыала;
6. Умацоўваць нацыянальны характар эканомiкi, што абазначае яе пабудову з пункту гледжання найбольшых выгодаў для народа Беларусi. Неабходна таксама надаць асаблiвую ўвагу развiццю традыцыйных беларускiх рамёстваў, вырабу беларускiх прамысловых тавараў, беларускай сельскагаспадарчай прадукцыi, якія здольныя заняць дастойнае месца на сусветным рынку.
Асаблівасці беларускай эканомікі:
а). Вялікі інтэлектуальны патэнцыял. Беларусь мае адін з самых высокіх паказчыкаў у Еўропе па адукацыі. Высокі ўзровень навукова-тэхнічнай эліты Беларусі — вызначальны фактар для разгортвання навукаёмістых тэхналогій.
б). Прыродныя рэсурсы Беларусі. Беднасць Беларусі на прыроднае багацце — гэта міф пракамуністычных колаў Беларусі і шавіністычных палітыкаў Расіі. Мы маем прыродных рэсурсаў на душу насельніцтва больш чым у нашых суседзяў — Латвіі ці Літве і апераджаем многія еўрапейскія дзяржавы.
Для энергазабеспячэння рэспублікі дастаткова свае нафты, бурага вуглю і торфу, не выкарыстоўваючы нават вялізныя запасы беларускіх гаручых сланцоў. Салігорскія солі — буйнейшае ў свеце радовішча, здольнае даваць дзяржаўнай скарбніцы вялікі прыток валюты. Окалаўскае і Карэліцкае радовішчы жалезных руд могуць забяспечыць Беларусь чорным металам.
Найвялікшае наша багацце — лес, магчымасці эксплуатацыі якога нявычарпальныя. І, нарэшце, Беларусь мае каштоўныя мінеральныя воды, сапрапелі, даламіты і фафарыты.
в). Неабходна надаць вялікую ўвагу развіццю традыцыйных беларускіх рамёстваў, вырабу беларускіх прамысловых тавараў, беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі.
7. Выкарыстоўванне выдатнага геапалітычнага становішча Беларусі ў Еўропе. Праз Беларусь здаўна праходзяць шляхі паміж Усходам і Захадам, Поўднем і Поўначчу. Гэта дае магчымасць стварэння сістэмы сэрвісу для абслугоўвання транзітных патокаў, грузаперавозак і іншага. Багатая навакольная прырода і геаграфія Беларусі дае падставы для развіцця міжнароднага турызму.

ІІ. Неадкладныя меры ў гаспадарцы.

1. Правядзенне ўсеагульнай і дэмакратычнай прыватызацыі.
Абавязкам ураду з’яўляецца ініцыіраванне заканадаўства, якое датычыцца дэмакратызацыі і забеспячэння даступнасці ўласнасці. Ажыццяўленне хуткай прыватызацыі ў першую чаргу будзе абумоўлена прадстаўленнем ільгот прыватнаму сектару.
Працоўныя дзяржаўных прадпрымстваў і ўкладчыкі дзяржаўных банкаў атрымліваюць адпаведныя акцыі і становяцца ўласнікамі маёмасці.
2. Рэалізацыя банкаўскай сістэмы (пераход да двухузроўневай банкаўскай сістэмы, якая ўключае нацыянальны банк, ці «банк банкаў» і сетку камерцыйных банкаў, араганізацыя фінанасавых рынкаў (фондавай біржы, пенсіонных і страхавых фондаў, рэарганізацыя ашчаднага банку).
3. Перабудова інфармацыйна-аналітычнай службы. Пераход ад «сакрэтнасці» да адкрытасці, стварэнне службы эканамічнага маніторынгу. г. зн. «сачэння» — у тым ліку па дынаміцы вартасці спажывецкага кошыка з адкрытым надрукаваннем метадалогіі састаўлення індэксаў варатасці жыцця і вынікаў назіранняў.
4. Змяненне функцый дзяржаўнага бюджэту (перанос цэнтру цяжару з фінансава стратнага дзяржсэктара на:
— сацыяльную абарону;
— фінансаванне фундаментальных даследванняў, адукацыі, аховы здароўя, служб дзяржкіравання.
5. Спыніць друкаванне пустых грошавых знакаў. Правядзесці грашовую рэформу і рэарганізацыю сферы знешнеэканамічнага абмену (устанаўленне рэальных курсаў нацыянальнай валюты і іх рэгуляванне). Хутчэйшае ўвядзенне беларускіх грошай дасць магчымасць абараніць унутраны рынак і вывесці Беларусь на Еўрапейскі ўзровень.
6. Дзеля стварэння здаровай канкурэнцыі неабходна прыцягваць замежны капітал, замежных біснесменаў і спецыялістаў.
7. Распрацоўка і прыняццё дзяржаўнай праграмы развіцця дробнага прадпрымальніцтва ў сферы паслуг і асабліва фермерства.
8. Стварэнне нацыянальнага беларускага прадпрымальніцтва (нацыянальнай буржуазіі). Неабходна арганізоўваць курсы, школы брокераў, заахвочваць для гэтага нацыянальна свядомую моладзь. Усталёўваць кантакты з замежжам і пасылаць туды беларускую моладзь дзеля вучобы бізнесу.

ІІІ. Сельская гаспадарка

1. БСДГ выступае за неадкладнае рэфармаванне сельскай гаспадаркі. У першую чаргу трэба правесці зямельнуб рэформу. Сялянству павінна быць вернута права выбару форм гаспадарання і права распараджэння прадуктамі сваёй працы.
2. Неабходна ліквідаваць манаполію дзяржавы на кіраванне сельскай гаспадаркай і знішчыць на сяле камандна-адміністрацыйную сістэму.
3. Рэфармаванне і ўдасканаленне калгасаў і саўгасаў. Стварэнне на базе нерэнтабельных гаспадарак асацыяцый фермерскіх гаспадарак, акцыяерных таварыстваў і сялянскіх гаспадарчых таварыстваў.
4. Мэтай зямельнай рэформы павінна быць стварэнне рынкавай эканомікі на сяле.
5. Неабходна скасаваць дзяржаўную манаполію на прадукцыю сельскіх гаспадарак і павысіць ролю органаў мясцовага кіравання пры размеркаванні сельскагаспадарчай прадукцыі.
6. Стварыць неабходнае прававое поле для ажыццяўлення аграрнай рэформы. Прыняць Закон аб зямлі, дзе прадугледжана як дзяржаўная, так і прыватная форма ўласнасці на зямлю.

Чалавек і грамадства

І. Культура

1. Захаванне беларускага этнасу ад асіміляцыі. Дзеля гэтага неабходна распрацаваць Закон аб своеасаблiвай «выратавальнай прасторы» у галiне выдавецка-iнфармацыйнай дзейнасцi, якая б ахоплiвала ўвесь спектр прадпрыемстваў i ўстановаў, што працуюць на нацыянальнае адраджэнне.
Галоўная мэта Закона — стварыць спрыяльныя эканамiчныя ўмовы для ўсiх беларускамоўных кнiжных, газетных i iншых выданняў, якiя павiнны забяспечвацца за дзяржаўны кошт i ня ўдзельнiчаць у кнiжнай канкурэнцыi.
2. БСДГ лiчыць, што ў галiне асабiстае культуры зараз галоўным павiнна быць выхаваньне ў асобы пачуцця самапавагi і нацыянальнай годнасцi.
3. БСДГ за выхаваньне праз традыцыйныя формы культуры нацыянальнай свядомасцi, за развiццё нацыянальна-самабытных формаў культуры Беларусаў. Важнай задачай з’яўляецца ўсебаковае даследванне народнай культуры.
4. БСДГ надае важнае значэнне захаванню культурнай спадчыны з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама беларускай дыяспары ўва ўсім свеце.
5. Мы прызнаем права кожнай нацыянальнай групы на Беларусі вучыць дзяцей на сваёй роднай мове, выступаем за захаванне і развіццё культур гэтых народаў.

ІІ. Адукацыя і асвета

1. БСДГ змагаецца за аднаўленьне i разьвiццё беларускай нацыянальнай школы ўсiх тыпаў, бо бяз гэтага не магчымае шырокае выкарыстанне беларускай мовы і аднаўленне нацыянальнага жыцця ўвогуле.
2. У сферы адукацыя павінна быць праведзена глабальная рэформа, мэтай якой з’яўляецца стварэнне нацыянальнай сістэмы адукацыі дэідэлагізацыя і гуманізацыя выхавання.
3. Рэформа адукацыі павіна ўлічваць патрэбы рынку працы. Разам з тэарэтычнымі курсамі трэба стварыць шырокую сетку практычна арыентаваных дысцыплін.
4. Вышэйшая адукацыя павінна быць даступна кожнаму чалавеку. Грамадству неабходна падтрымліваць жадаючых атрымаць адукацыю матэрыяльна.
5. Выхаванне і навучанне ў дзіцячых установах і школах усіх узроўняў павінна весціся на беларускай мове, за выключэннем навучальных устаноў, якія працуюць на патрэбы нацыянальных меншасцей.
6. БСДГ супраць палітыкі двухмоўя, накіраванай на недапушчэнне беларускай мовы ва ўсе сферы дзяржаўнага і грамадзянскага жыцця. За беларускай мовай павінен быць замацаваны статус адзінай дзяржаўнай мовы.

ІІІ. Рэлігія

Роля рэлiгii ў жыццi беларускага грамадства вельмi вялiкая. Менавiта яна нясе на сабе адказнасць за духоўнае выхаванне чалавека. БСДГ у сваёй дзейнасцi кiруецца прынцыпамi і нормамi хрысцiянскай этыкi і выступае за:
— забеспячэнне рэальных правоў прадстаўнiкам усiх не забароненых Законам веравызнанняў ствараць рэлiгiйныя абшчыны i брацтвы;
— забеспячэнне патрэб вернiкаў ў храмах, дзеля чаго неабходнае садзеянне дзяржавы ў аднаўленнi храмаў;
— дзяржаўную дапамогу ў стварэннi духоўных семiнарый i акадэмiй.

ІV. Сям’я

1. Жанчына і мужчына маюць роўныя правы ў сям’і. Муж і жонка маюць аднолькавае права быць вызваленымі ад працы на скарочаны рабочы дзень дзеля нагляду за малымі ці хворымі дзецьмі.
2. Мы за шырокае прадстаўніцтва жанчын ува ўсіх органах улады. Сямейная праца, у якой галоўным чынам занятыя жанчыны, павінна быць прыроўненая да грамадскай працы.
3. Сацыяльная дзяржава не мае права перакладваць на плечы сям’і тыя праблемы, якія яна можа вырашыць сама. Неабходна усяляк развіваць і пашыраць сетку дашкольных устаноў, груп і школ падоўжанага дня.
4. Грамадаства павінна падтрымліваць сем’і, у якіх растуць дзеці-інваліды, а таксама дарослыя інваліды.
5. Цывілізаваная дзяржава паважае і клапоціцца аб сваіх пажылых людзях. Мы за тое каб падтрымаць магчымасці працаўладкавання пажылых людзей, заахвочванне працай пенсіянераў.
6. Выхоўванне дзяцей у нацыянальнайх традыцыях — цвёрдая гарантыя мець сапраўды нацыянальную беларускую дзяржаву. Дзеля ажыццяўлення праграмы нацыянальнага выхавання БСДГ прапануе стварыць серыю дашкольных пансіянатаў з беларускамоўным асяроддзем, дзе б малых знаёмілі з беларускай культурай, гісторыяй, мовай.
7. Адносіны дзяржавы да сям’i павінны быць перагледжаны радыкальна. Трэба каб час, які затрачваўся на выхаванне дзяцей і па нагляяду за тымі, каму гэта патрэбна, залічваўся прыы налічэнні пенсіённага забеспячэння. Маці (альбо бацька), якія маюць дзіця да 3-х гадоў, павінны мець права на аплачваемы адпачынак.

Чалавек і навакольнае асяроддзе

1. Безаадказнае і злачыннае сацыялістычнае гаспадаранне прывяло да негатыўных вынікаў: трагічных наступстваў неразумнай асушкі балот, Чарнобыльскай катастрофы, нарушэнню эканамічнай раўнавагі праз бескантрольнае будаўніцтва прамысловых і сельскагаспадарчых комплексаў.
2. БСДГ выступае за паслядоўнае выкананне дзяржаўных праграм па ліквідацыі Чарнобыльскай катастрофы, за ажыццяўленне праграмы перасялення людзей з забруджаных раёнаў, за забарону вытворчасці прадуктаў харчавання ў забруджаных раёнах. Мы таксама злачыннай палітыку размеркавання выпускнікоў ВНУ ў забруджаныя раёны Беларусі.
3. Дзеля папярэджання росту бескантрольных прадпрыемстваў, мы выступаем за стварэнне незалежнай ад вытворцаў сістэмы экалагічнага кантролю, увядзення эканамічных стандартаў адпавядаючых міжнародным нормам.
4. Экалагічны кантроль эканамікі павінен аахопліваць увесь шлях ад стварэння прадукта да яго выкарыстання.
5. Экалагічны кантроль ставіць сваёй мэтай:
— ліквідацыю прадуктаў і вытворчасцей, што наносяць шкоду навакольнаму асяроддзю, замене іх экалагічна чыстымі;
— эфектыўна і хутка знішчыць шкодныя прамысловыя адходы;
— cтварэнне механізма адзінага хуткага экалагічнага рэагіравання.
6. Рацыянальнае валоданне энергіяй. Трэба падтрымліваць выкарыстоўванне адпрацаванага цяпла, рэгенерыруемых энерганосьбітаў і выкарыстоўваць дэцэнтралізаванаю энергетыку. 20% недахопу сваёй энергіі ў Беларусі можа быць цалкам кампенсаваная рэжымам эканоміі.